ФІ́НА-УГО́РСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, якая ўтварае самую заходнюю частку больш буйнога генетычнага аб’яднання — уральскіх моў. Ф.-у.м. складаюцца з 5 груп: прыбалтыйска-фінскай (фінская мова, эстонская мова, іжорская, карэльская, вепская, водская і ліўская мовы), волжскай (мардоўскія мовы — эрзянская і макшанская мовы і марыйская мова), пермскай (удмурцкая мова, комі-зыранская мова, комі-пярмяцкая мова), угорскай (хантыйская і мансійская мовы, якія ўтвараюць обска-угорскае адгалінаванне, венгерская мова), саамскай мовы. Мовы комі-пярмяцкая, эрзянская, макшанская, іжорская, карэльская і некат. іншыя пэўнай часткай спецыялістаў кваліфікуюцца як фіна-угорскія дыялекты. Асаблівасці Ф.-у.м.: у фанетыцы — вял. колькасць галосных і дыфтонгаў, бедная сістэма зычных, сінгарманізм (характэрны большасці Ф.-у.м.); у марфалогіі — аглюцінатыўны грамат. склад, ужыванне паслялогаў замест прыназоўнікаў, адсутнасць прэфіксаў (апрача венг. мовы), прыметнік не дапасуецца да назоўніка (апрача прыбалтыйска-фінскай падгрупы). На лексіку Ф.-у.м. зрабілі ўплыў мовы суседніх народаў (слав., герм., цюркскія, іранскія). Венгерская, фінская і эстонская мовы маюць шматвекавую пісьменнасць.

Літ.:

Языки народов СССР. Т. 3. М., 1966;

Хайду П. Уральские языки и народы: Пер. с венг. М., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)